УРО́ЧНЫЯ ГАДЫ́,

у Расіі канца 16 — сярэдзіны 17 ст. тэрміны, у якія памешчыкі маглі ўзбуджаць перад дзяржавай іскі пра вышук і вяртанне ім збеглых прыгонных сялян. Уведзены ў 1590-я г. пасля спынення дзеяння Юр’ева дня і ўвядзення запаветных гадоў. У 1597 устаноўлены 5-гадовы тэрмін «У.г.», у 1607 — 15-гадовы (фактычна не дзейнічаў з прычыны «Смуты»). Пры цару Міхаіле Фёдаравічу [1613—45] спачатку дзейнічаў 5-гадовы тэрмін вышуку, з 1639 — 9-гадовы, з 1642 — 10-гадовы. Саборнае ўлажэнне 1649 зрабіла вышук збеглых сялян бестэрміновым.

т. 16, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)